Эльф
Арсэнь на дыбачках ўцёк, а я, прыадчыніўшы дзьверы ў кухню, ціхенька цмокнуў вуснамі. Маляўка тут жа прашмыганула з кухні мне насустрач і ўстала на заднія лапы, упёршыся пярэднімі ў маё сьцягно. Маляўкай клікалі ручную лісу, якая, будучы маленькім лісянём, прыбілася да нашага дому. На сьпіне ў яе было некалькі колата‑ірваных ранаў, з‑за чаго я прыйшоў да высновы, што яна цудам выратавалася ад таго, чые дзеці сёньня плакалі ў ночы.
– Маляўка ідзе з намі? – дзеці ўжо былі побач са мной і ціскалі задаволеную лісу.
– Куды мы бяз яе? – я адчыніў ўваходныя дзьверы, і мы гуртам выйшлі з дому.
Ноч была незвычайна ціхая, цёплая і зорная. Ні аблачыны, ні ветрыку. Амаль поўны месяц у дастатковай меры асьвятляў наш шлях, таму ліхтарык я пакуль не ўключаў. З‑пад навеса, пацягваючыся, выйшаў Байран. Байран – дварняк з прымешкай каўказскай аўчаркі быў велізарны і грозны. Мы ўзялі яго шчанюком з прытулку ў той жа дзень, калі на нашым падворку зьявілася Маляўка. Ягонай задачай было ня столькі ахова дома, колькі абарона Маляўкі ад суседзкіх і бадзяжных сабак, якія зрэдку забрыдалі на нашую тэрыторыю. Лісянё і куцяня расьлі разам, умацоўваючы сваё сяброўства гульнямі і сумеснай трапезай. Калі ім выносілі ежу, а Байран ў гэты момант адсутнічаў, зьдзяйсьняючы абыход уладаньняў, Маляўка ніколі не прыступала да ежы адна. Яна сядзела каля міскі Байрана, ахоўваючы яе да прыходу сябра. Як толькі ў полі ейнага зроку зьяўляўся Байран, яна тут жа адыходзіла да сваёй талерцы і пачынала есьці. Вось толькі месца для сну ў кожнага зь іх было сваё. Маляўка аблюбавала сабе кухню, а Байран аддаваў перавагу сну у двары пад падстрэшкам.
Байран без залішняй мітусьні прыбудаваўся да нашай працэсіі, і вось ужо ўсёй грамадой мы завярнулі за дом. Я, ведаючы, куды ісьці, накіраваўся па сьцежцы ў патрэбны бок у глыб лесу і праз пару дзесяткаў метраў спыніўся каля адной з хвояў. Маляўка з Байранам селі пад дрэвам, задраўшы галовы ўверх. Уверсе, сярод галін, была апраметная цемра.
– Слухайце, – прашаптаў я.
– Каго? – адначасова і таксама шэптам спыталі дзеці.
– Лес, – адказаў я.
Цішыня ў лесе ніколі не бывае абсалютнай, але ў гэты момант яна была менавіта такой. Здавалася, што нават Байран з Маляўкай затаілі дыханьне, адчуваючы значнасьць моманту. Раптам, у цемры галін над намі пачуўся шоргат. Праз некалькі секунд ён паўтарыўся. І зноў. Гэта ўжо было падобным на чыюсьці марудлівую валтузьню. Я ўключыў ліхтарык, накіроўваючы яркі прамень у бок шоргатаў. Уверсе, на тоўстай хвойнай галінцы, сядзелі два савяты. Яшчэ у пуху. Гэтакія абаяльныя вырадкі. Яны глядзелі на нас, круцілі галовамі і пляскалі вялікімі вачыма.
– Вось хто вас разбудзіў. Савяты.
– А чаму яны плакалі? – спытаў Жэнька.
– Яны ня плакалі, – я даўно ведаў пра савінае сямейства, якое жыло па суседстве, але не распавядаў пра яго дзецям, каб яны не турбавалі птушак дарэмна, – гэта яны сьпяваць вучыліся.
– А дзе іхнія бацькі? – па інтанацыі, зь якой Арся задаў пытаньне, я зразумеў, што зараз прагучыць просьба аб «усынаўленьні» птушанят.
– Шукаюць ім ежу. Магчыма, што нехта зь іх ужо злавіў мышаня і сядзіць цяпер непадалёк, назіраючы за намі, – я даў сынам дастаткова інфармацыі, каб спыніць іхнія просьбы аб прыёме савятаў ў нашую сямью.
Дзеці тут жа, нібы тыя савяты, закруцілі галовамі, спадзеючыся ўбачыць дарослых соў, але гэтую начную птушку і днём не заўсёды заўважыш, а ўначы ўбачыць іх – дарэмная трата часу. Я прабег ліхтарыкам па галінках вакол нас у надзеі, што прамень сьвятла адабьецца ў вачах дарослай савы. Але не, бацькоў побач не было.
– Ну што, задаволілі сваю цікаўнасьць?
– Ага, – хорам адгукнуліся хлапчукі.
– Дадому? – прапанаваў я.
– Байран, пайшлі. Пайшлі, Маляўка, – скамандаваў сваім улюбёнцам Жэнька, пасля чаго наша чарада адправілася ў зваротны шлях.
Байран, перш чым сысьці, бухнуў уверх для праформы, як бы папярэджваючы савят, каб тыя не замануліся залазіць на ягоную тэрыторыю. Савяты пакінулі Байрана без адказу.
У доме я паклаў дзяцей у ложкі. Ужо прыадчыніў дзьверы, каб выйсьці, але тут у цемры пачуўся Арсенькін голас:
– Тат, а што было ў казцы далей?
– О‑хо‑хо‑х, – уздыхнуў я і павярнуўся да дзяцей. Яны, падобна савятам, задаволеныя зашамацелі коўдрамі, уладкоўваючыся так, каб зручней было слухаць мяне …
2
– Ведаеш, Кезон, а гэта нядрэнная ідэя, – сенатар Гай Децым задуменна катаў паміж далоняў пусты срэбны кубак. Віно яму спадабалася. Мабыць, скупаваты Кезон адкаркаваў дзеля такога выпадку бочачку з лепшым віном: – А цяпер, будзь добры, пра ўсё падрабязьней.
– Ты, сенатар, нават не сумнявайся, бо ідэя сапраўды выдатная. Яна прынясе вялікі прыбытак і мне, і табе, – Кезон чакаў, калі Гай Децым паставіць кубак на стол, каб падаць знак слузе. Слуга, які стаяў у старонцы і без таго быў гатовы па любым сігнале напоўніць посуд госьця віном: – Усе гаспадары глядыятарскіх школаў ужо ведаюць пра тое, што ў глядыятарскіх баях у гонар перамогі Цэзара будуць удзельнічаць толькі палонныя салдаты. Многія з ланістаў нават ня стануць падаваць сьпісы байцоў, каб Сенат мог выбраць лепшых і аплаціць іх. Нам неабходна распусьціць чутку, што адначасова з гульнямі ў Рыме, пройдуць баі яшчэ ў некалькіх правінцыях. Пад гэтыя ўяўныя баі я скуплю у іншых ланістаў глядыятараў па досыць нізкай цане. Твая задача складаецца ў тым, каб пераканаць Сенат купіць глядыятараў для маючых адбыцца гульняў у мяне. Цана на гэтых байцоў будзе, як ты ведаеш, прыкладна ўдвая больш, чым тая, за якую я іх набуду. Прыбытак я прапаную падзяліць напалову.
– Засталося прыдумаць, куды падзець палонных барбараў, прызначаных для гульняў глядыятараў, – Гай Децым нарэшце паставіў кубак на маленькі столік, што стаяў побач з фатэлем, на якім ён сядзеў, і двойчы лёгенька стукнуў па ім пазногцем. Слуга імгненна падскочыў да століка і наліў віна. Гай Децым з задавальненьнем зрабіў вялікі глыток і прыкрыў вочы. Віно было ў меру гарачым і ўтрымлівала ідэяльны баланс дададзеных спецый.
Не падымаючы апушчаных павек, сенатар працягнуў:
– Уся загваздка ў тым, дарагі Кезон, як нам пазбавіцца ад палонных галаў.
На некалькі хвілінаў у пакоі наступіла цішыня, якая парушалася толькі дыханьнем людзей, што знаходзіліся ў памяшканьні. Кезон са свайго месца з надзеяй ўзіраўся ў твар сенатара, але той, здавалася, заснуў. «Быць можа, варта яго неяк абудзіць?» – падумаў Кезон і нават зрабіў спробу прыўзьняцца з фатэлі, але ў гэты момант Гай Децым расплюшчыў вочы і ўважліва паглядзеў на яго.
– Я зразумеў, куды мы падзенем галаў, – з выглядам трыўмфатара сенатар дапіў кубак і зноў стаў катаць яго між далоняў.
– Слухаю цябе зь нецярпеньнем, – Кезон, прагны да грошай, увесь падаўся наперад. Вочы яго прагна заблішчалі, а лоб пакрыўся потам ад прадчуваньня прыбытку.
